Услуги
Тарифы
Справка

Новости компании / 14 ИЮЛЯ 2017

Из рубрики «Пресса о нас»: На маршруце — сямейны экіпаж

Першыя тры перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі пачалі курсіраваць на Пастаўшчыне восем гадоў назад, калі ў раённым вузле паштовай сувязі пачалася аптымізацыя даставачнай службы. Зараз іх сем, але той, што калясіць па маршруце №6, — асаблівы. Яго тут так і называюць — наш сямейны экіпаж.

Начальнік гэтай пошты на колах — Алена Эдуардаўна Хоміч, вадзіцель — яе муж Віктар Рамуальдавіч.

— Алена — працавітая, дысцыплінаваная, ветлівая, ініцыятыўная. Пасуе ёй і Віктар — шчыры і старанны, замацаваны за ім аўтамабіль заўсёды трымае ў належным стане. Адным словам, тандэм атрымаўся цудоўны. Прычым яны не толькі самі выдатна працуюць, але і здолелі згуртаваць вакол сябе аператара сувязі і пяць паштальёнаў, з якімі супрацоўнічаюць на гэтым маршруце, — расказвала начальнік раённага вузла паштовай сувязі Таццяна Мікалаеўна Гайлюн.

У галіне А. Э.  Хоміч шчыруе з 2002 года. Працавала кіяскёрам, сартыроўшчыкам паштовых адпраўленняў і друкаванай прадукцыі, аператарам сувязі, начальнікам аддзялення сувязі. Сёлета паступіла ў Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Вучоба падабаецца, заняткі маюць прыкладны характар, на лекцыях разбіраюцца новыя праграмы, без ведання якіх сёння немагчыма працаваць. Стаж В. Р.  Хоміча крыху меншы — дванаццаць гадоў. Да таго як сеў за руль мабільнай пошты, развозіў карэспандэнцыю ў стацыянарныя аддзяленні.

Перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі №6 абслугоўвае сорак адзін населены пункт, у якіх пражывае 1046 чалавек. Амаль трыццаць працэнтаў з іх — пенсіянеры. Працягласць маршруту — больш за сто кіламетраў. Іх сям’я Хоміч праязджае штодня, акрамя выхадных, якія прыпадаюць на нядзелю і панядзелак. Стацыянарныя стаянкі арганізаваны ў Дварчанах, Палессі, Мягунах і Мулярах, пра іх графік паведамляюць спецыяльныя таблічкі.

Паштовы аўтамабіль аснашчаны тым жа абсталяваннем, што і стацыянарныя аддзяленні сувязі, таму ні ў чым ім не саступае. У ім можна аформіць падпіску на перыядычныя выданні ці набыць іх, адправіць электронны перавод, пісьмо альбо пасылку, аплаціць камунальныя паслугі, папоўніць рахунак на мабільным тэлефоне, аформіць страхоўку альбо банкаўскі рахунак, купіць неабходныя тавары паўся­дзённага попыту, атрымаць пенсію, а таксама зняць грошы з пластыкавай карткі ці разлічыцца пры яе дапамозе і іншыя.

У тым, што амаль усе пералічаныя паслугі запатрабаваны, упэўнілася асабіста, калі размаўляла з Хомічамі падчас іх прыпынку ў вёсцы Дварчаны. Пытаюся: а можа, ёсць найбольш папулярныя?

— Вядома, за электраэнергію, тэлефоны і іншыя паслугі разлічваюцца ўсе, без гэтага не абысціся. Але карыстаюцца і многімі іншымі паслугамі, — адказвае Віктар Рамуальдавіч у той час, як жонка абслугоўвае чарговага кліента. — Самым вялікім попытам карыстаецца раённая газета «Пастаўскі край», якую выпісваюць амаль у кожнай хаце. Таму серада і субота (дні выхаду раёнкі) для нас самыя напружаныя. У сезон нарыхтовак вяскоўцы ахвотна купляюць цукар. Той, хто не мае ўласнага транспарту, ацаніў паслугу “Па дарозе”, дзякуючы якой можна пераслаць любую перадачу ў межах раёна, і яна знойдзе адрасата ў самы кароткі тэрмін.

У абавязкі мабільнай пошты таксама ўваходзіць дастаўка карэспандэнцыі, пасылак і тавараў у аддзяленне сувязі ў Камаях, ППС у Палессі і паштальёнам, якія працуюць на гэтым маршруце. У маленькіх населеных пунктах Алена і Віктар самі працуюць у якасці паштальёнаў: раскладваюць у паштовыя скрыні газеты, пісьмы, часопісы, на даму выдаюць пенсію, прымаюць падпіску і камунальныя плацяжы. Каб дарэмна не марнаваць час у дарозе, пакуль муж круціць баранку, Алена Эдуардаўна сартыруе карэспандэнцыю.

— Графік напружаны, але работу сваю люблю, падабаецца быць сярод людзей, — дзялілася А. Хоміч. — А самае галоўнае — мець надзейныя тылы. Дома гэта бацькі, якія дапамагаюць гадаваць дзяцей, весці гаспадарку, на рабоце — наш невялічкі калектыў, у які, акрамя нас з мужам, уваходзяць паштальёны Ганна Міхайлаўна Прашмунт, Ганна Дзіянісаўна Піцунік, Надзея Міхайлаўна Васілеўская, Ганна Браніславаўна Савук, Кацярына Зянонаўна Зінкевіч і аператар сувязі Юзэфа Баляславаўна Савельева. Яны добра ведаюць мясцовых жыхароў, іх патрэбы, умеюць рэкламаваць і прапаноўваць паслугі пошты. Бачу іх зацікаўленасць у дасягненні агульнага выніку, таму на кожнага магу разлічваць, як на сябе.

Сведчаць пра гэта не толькі цёплыя словы начальніка перасоўнага аддзялення паштовай сувязі ў адрас калег, але і вынікі працы. Алена і Віктар Хоміч узнагароджаны Ганаровымі граматамі Віцебскага філіяла РУП “Белпошта”, раней фотаздымак Алены Эдуардаўны быў занесены на абласную галіновую Дошку гонару.

http://www.postawy.by


Версия для печати