Паслугі

Гісторыя Ваўкавыска праз прызму пошты

Тысячагадовая гісторыя Ваўкавыска вельмі багатая на падзеі. За доўгія стагоддзі горад не раз руйнаваўся і падвяргаўся рабаванню ў выніку шматлікіх войн. У пісьмовых крыніцах Ваўкавыск упершыню згадваецца ў 1005 годзе ў рукапісы "Туровской епископи заветь блаженного Владимира" Кіева-пячэрскага архімандрыта І. Трызны. Слова "Волковыск" дае ключ да разгадкі назвы, звязаный з ваўкамі, але сярод паданняў існуе сем версій пра яго паходжанне.

Жыхары Ваўкавыска ўжо ў XI-XIII стагоддзях мелі гандлёвыя і культурныя сувязі са шматлікімі краінамі Еўропы і Азіі. Пры археалагічных раскопках на гарадзішчы, што названа Замчышчам, былі выяўлены шматлікія абвіслыя свінцовыя пячаткі, якімі запячатвалі гандлёвыя і паштовыя адпраўленні. На знойдзенай пячатцы дыяметрам 25 мм на адным боку высечана чатырохпялёсткавая кветка, а на другой — постаць чалавека ў рост, верагодна, князя. На яго галаве высілася карона, у правай руцэ — піка, у левай — шчыт. На пячатцы напісаны надпіс "Дзімітрыас", які азначае, што ен належыў старэйшаму сыну Яраслава Мудрага Ізяславу, які меў кананічнае імя Зміцер і пасля смерці бацькі ў 1054 годзе стаў Вялікім князем Кіеўскім.

У XIII стагоддзі горад стаў цэнтрам Ваўкавыскага княства. 12 студзеня 1386 года Вялікі літоўскі князь Ягайла прыняў у Ваўкавыскім замку польскіх паслоў, якія прывезлі яму з Кракава (у той час польскай сталіцы) грамату з прапановай стаць каралём Польшчы. Гэта стала адной з найважнейшых падзей таго часу і моцна паўплывала на далейшае развіццё еўрапейскай гісторыі.

Ваўкавыск знаходзіўся на шляху з Заходняй Еўропы ў Масковію. Дарога, якая праходзіць праз горад, з'яўлялася каралеўскай, па ёй увесь час курсавалі ганцы з каралеўскай поштай і дыпламатычнай перапіскай еўрапейскіх краін. У 1517 годзе вядомы аўстрыйскі дыпламат Жыгімонт Герберштэйн у кнізе "Записки о Московии" згадваў Ваўкавыск: "От Бреста до Волковыска три дня пути. За все время путешествий из Вены у нас не было гостиницы удобнее, чем в Волковыске".

У выніку атрымання Ваўкавыскам у 1503 годзе Магдэбургскага права, якое юрыдычна замацавала правы і волі гараджан, гораду быў афіцыйна прысвоены герб з малюнкам галавы ваўка.

рис.1

Развіццю горада садзейнічала яго зручнае геаграфічнае становішча. Рака Ваўкавыя, на берагах якой і ўзнікла першае селішча, давала выйсце праз Рось і Нёман у Балтыйскае мора. Пасля Люблінскай уніі 1569 года, калі Польшча і Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) аб'ядналіся ў саюз пад назвай Рэч Паспалітая, горад набыў вялікае палітычнае значэнне ў жыцці ВКЛ. Так у 1557, 1578, 1582 і 1584 гадах Ваўкавыск станавіўся месцам правядзення генеральных сеймікаў, на якіх вырашаліся надзённыя дзяржаўныя пытанні і куды з'язджаліся дэлегаты з усяго Вялікага Княства Літоўскага. У Ваўкавыску ўвесь час функцыянавала паштовая сістэма з месцамі пастою і адпачынку шматлікіх паштовых кур'ераў. Няма сумненняў ў тым, што дыпламатычная перапіска і паштовая карэспандэнцыя тых часоў апячатвалася мясцовай паштовай установай, на пячатцы якой быў малюнак галавы ваўка, запазычаны з герба.

З дакументаў, датаваных 1812 годам, вядома, што ў Ваўкавыску падчас паходу Напалеона на Маскву працавала пошта французскага войска. 2 і 3 лістапада 1812 года ў горадзе адбыўся бой паміж часткамі рускага і французскага войскаў, у якім абапал удзельнічала каля 50 тысяч чалавек.

Новы этап развіцця Ваўкавыска супаў з пачаткам будаўніцтва ў 1885 годзе першай лініі чыгункі Баранавічы-Беласток, якая праходзіць праз горад. З гэтага часу Ваўкавыск стаў важным стратэгічным чыгуначным вузлом Расійскай Імперыі, у якім павялічваецца колькасць новых працоўных месцаў, людзей, хат, вуліц. Асобныя прычапныя вагоны ў пасажырскіх цягніках курсавалі да Парыжа, адначасова дастаўляючы туды і пошту.

рис.2

З 1920 па 1939 года Ваўкавыск уваходзіў у склад Польшчы. Пра тое, якое значэнне тым часам надавалася паштовай службе, сведчыць тэлефонны даведнік горада, выдадзены ў 1928 годзе. З 108 тэлефонных нумароў паштовай службе належалі дзесяць! Усяго ў Ваўкавыску існавала два гарадскіх паштовых аддзяленні, адно з якіх знаходзілася прыблізна на тым жа месцы, дзе размешчаны сучасны адміністрацыйны будынак вузла паштовай сувязі. Паштовыя аддзяленні функцыянавалі таксама ў кожным цэнтры гмін, якіх у Ваўкавыскім павеце налічвалася 16. У павет уваходзіў таксама горад Свіслач.

У першай палове XX стагоддзя з Ваўкавыска і Ваўкавыскага раёна жыхары тысячамі раз'язджаліся па ўсім свеце ў пошуках заробку. Ваўкавыскія паштары забяспечвалі дастаўку карэспандэнцыі ў шмат краін свету.

У выніку другой сусветнай вайны Ваўкавыск быў моцна разбураны, а цэнтр горада з адміністрацыйнымі і гандлёвымі ўстановамі цалкам знішчаны.

Цяпер у горадзе дзейнічаюць пяць аддзяленняў паштовай сувязі, якія размешчаны прыгожых і прасторных будынках, абсталяваных кампутарнымі сістэмамі. Сельскіх жыхароў абслугоўваюць 24 паштовыя аддзяленні.

Сярод знакаў паштовай аплаты, якія выпускаліся ў гады знаходжання Беларусі ў складзе СССР, толькі аднойчы, у 1985 годзе, быў выдадзены маркіраваны мастацкі канверт з малюнкам фасада будынка Ваўкавыскага музея і бюста генерала Пятра Баграціёна на пярэднім плане (мал. 1).

У незалежнай Беларусі ў 2003 годзе ў гонар 500-годдзя атрымання горадам Магдэбургскага права выйшаў мастацкі канверт з арыгінальнай маркай (мал. 2). 14 лістапада таго ж года было праведзена спецгашэнне.

рис.4

У 2004 годзе агульнарэспубліканскае свята сельскіх працаўнікоў "Дажынкі" праходзіла у Ваўкавыску. 17-18 верасня 2004 года праводзілася спецгашэнне, прымеркаванае дадзенай падзеі (мал. 3).

Да 1000-годдзя горада Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў зварот паштовую марку, прысвечаную гэтай знамянальнай даце. У памяшканні раённай Дома культуры Ваўкавыска з 2 па 13 верасня 2005 года функцыянавала філатэлістычная выстава, у дзень адкрыцця якой праводзілася гашэнне паштовай маркі штэмпелем "Першы дзень", усе дні яе працы ўжываўся штэмпель спецгашэння, прысвечаны філатэлістычнай выставе (мал. 4).

Мікалай БЫХАЎЦАЎ,

Па спецыяльнасці — інжынер-сувязіст,

а па душы- гісторык і краязнаўца.

Матэрыял ласкава прадастаўлены рэдакцыяй часопіса "Веснiк сувязi".