Паслугі

Паштовая справа ў Беларусі пачатку ХХ стагоддзя

Ў канцы XIX — пачатку XX стст. сетка паштовых устаноў у царскай Расіі была невялікай і засяроджвалася галоўным чынам у гарадах цэнтральнай часткі краіны. Пошты ў вёсках і на ўскраінах, па сутнасці, не было. Звыш 60% сельскіх населеных пунктаў і ўвогуле не ахопліваліся паштовай сувяззю. Яны былі выдалены настолькі, што атрыманне ці адпраўленне ліста станавілася сапраўднай падзеяй, пра якую доўга ўспаміналі.

У сельскай мясцовасці еўрапейскай часткі Расіі існавала так званая "сельская" (ці земская) пошта, якая пачала сваю працу пасля земскай рэформы 1864 г. Павятовыя земствы на свае сродкі будавалі паштовыя станцыі, выпускалі паштовыя маркі, якія дзейнічалі толькі ў межах дадзенага павета. Земская пошта кожнага павета мела свае паштовыя штэмпелі.

РИС.2

У беларускіх губернях таксама існавалі земскія пошты, аднак марак яны не выпускалі. Не выяўлена дагэтуль і паштовых штэмпеляў беларускіх земскіх пошт. У 1871 г. было апублікавана "Положение о земской почте", але яно ставіла яе "в такие рамки, при которых немыслимо дальнейшее развитие". У земстваў не хапала сродкаў на яе развіццё, не было іх і ў дзяржавы. У 1904 г. Барысаўская павятовая ўправа паведаміла ў Мінскую губернскую ўправу, што "земской почты на основании положения 1871 г. в уезде не существует, корреспонденция развозится сельской почтой на стойковых лошадях, состоящих при каждом волостном управлении уезда, в известные дни 2 раза в неделю". Так было ў шматлікіх паветах беларускіх губерняў.

Разам з земскай у некаторых паветах існавала пошта пры валасных праўленнях. У той час у афіцыйных дакументах яна называлася "почтовые операции при волостных правлениях". Такія пошты былі ў воласцях Мінскай, Магілёўскай, Гродзенскай і Віцебскай губерняў.

У "Правительственном вестнике" за 1899 г. (№ 150) было апублікавана распараджэнне Міністэрства ўнутраных спраў Расіі пра часовыя паштовыя правілы, у якіх, у прыватнасці, аздначалася, што "волостные правления имеют право производить прием и выдачу простой и заказной корреспонденции и продажу знаков почтовой оплаты". Абавязкі "почтаря" былі ўскладзены на пісара валаснога праўлення.

РИС.3

Часовыя правілы аб вытворчасці паштовых аперацый у валасных праўленнях былі "высочайше утверждены" 24 студзеня 1900 г. Паводле гэтых правіл для паштовых аперацый у валасным праўленні меліся: "1. Штемпель для почтовой корреспонденции. 2. Большая и малая страховая печать. 3. Два мастичных штемпеля для заказной корреспонденции и для денежных переводов. 4. Доплатной штемпель". Гэтыя правілы не прадугледжвалі выкарыстання налепак для заказной карэспандэнцыі. Відаць, мастычны штэмпель для заказных лістоў выкарыстоўваўся ў пачатковы перыяд працы пошты пры валасных праўленнях. На заказных лістах, пачынаючы з 1910 г., выкарыстоўваліся стандартныя налепкі з назвай валаснога праўлення. Царскаму ўраду было выгадна развіваць сетку "волостных почт" у сельскіх раёнах, таму што гэта амаль не патрабавала выдаткаў. Для дзяржаўных паштовых устаноў былі неабходны спецыяльнае памяшканне, штат чыноўнікаў. Таму "почтовые операции при волостных правлениях" атрымалі распаўсюджванне паўсюль. У "Всеподданнейшем отчете о состоянии Минской губернии 1897 г." сказана, што "за 1897 г. в Минской губернии открыты одно почтовое отделение, одно почтово-телеграфное отделение, одно почтовое отделение преобразовано в почтово-телеграфное, открыты шесть почтовых сберегательных касс, и при 25 волостных правлениях открыты почтовые операции на основании распоряжения Министерства внутренних дел, опубликованного в № 150 “Правительственного вестника” за 1894 г. Каждое волостное правление имеет один почтовый ящик. Всего в Минской губернии в 1897 г. 57 волостных правлений производили почтовые операции" (мал. 1, 2, 3, 4).

У "Материалах по состоянию Витебской губернии за 1909 г." Ёсць звесткі пра тое, што "на основании правил от 24 января 1900 г. в 1909 г. в губернии открыты почтовые операции при девяти волостных правлениях".

РИС.4

Паштовыя штэмпелі валасных праўленняў не мелі распазнавальных літарных індэксаў, бо ў кожным праўленні быў усяго адзін штэмпель. У тэксце штэмпеля, як і ў звычайным паштовым, адзначалася назва губерні ("МИН"), валаснога праўлення ("РУДОБЕЛЬСКОЕ ", "ПЕРШАЙСКОЕ "і г. д.), і адзначалася прыналежнасць да пошты "ВОЛ. ПРАВЛ." ці "ВОЛ.ПР." Месяц у календары штэмпеля абазначаўся рымскімі ці арабскімі лічбамі. Ярлыкі для заказных лістоў мелі перфарацыю, былі нумарнымі з указаннем назвы толькі валаснога праўлення.

Згодна з часовымі паштовымі правіламі ўсе паштовыя пункты, якія былі зноў адчынены пры валасных праўленнях, атрымлівалі імянныя каляндарныя штэмпелі. Развіццё сеткі валасных пошт не толькі не прынесла палягчэння ў працы паштовай службы царскай Расіі, а нават затармазіла яе, што вымушаны былі прызнаць у Галоўным паштовым упраўленні Расіі. У цыркуляры Галоўнага паштовага ўпраўлення начальнікам паштовых акруг (студзень 1904 г.) пра стан пошты гаварылася, што "для сельской местности европейской части России существуют, кроме правительственных почтовых учреждений, такие почты:

1) Земская.

2) Волостные правления и железнодорожные станции, которые на основании закона от 24.01.1900 производят почтовые операции:

а) волостные правления производят прием и выдачу простой корреспонденции и продажу знаков почтовой оплаты на основании временных правил 29.06.1894;

б) железнодорожные станции прекратили прием заказной корреспонденции на основании временных правил 19.09.1901.

3) Некоторые другие способы почтового обращения.

Несмотря на такое разнообразие существующих видов сельской почты, дело состоит неудовлетворительно отчасти в силу недостаточного количества правительственных почтово-телеграфных учреждений и других почтовых пунктов и, главным образом, из-за плохого устройства земской почты и других видов сельского почтового обращения".

РИС.5

Сельская пошта не задавальняла патрабаванні не толькі дзяржавы, але і насельніцтва. Не заўсёды спраўляўся са сваімі абавязкамі і "почтарь-писарь". 1 сакавіка 1910 г. з дазволу Галоўнага ўпраўлення пры Рудабельскім валасным праўленні Бабруйскага павета Мінскай губерні (Рудабелка — сёння Кастрычніцкі Гомельскай вобл.) былі адкрыты "почтовые операции всякого рода за исключением денежных переводов ". Тады ж для Рудабельскага валаснога праўлення быў уведзены каляндарны паштовы штэмпель і налепкі для заказных лістоў. У чэрвені 1914 г., праз чатыры гады пасля адкрыцця паштовых аперацый, насельніцтва воласці і жыхары сяла Рудабелка, нездаволеныя працай пошты, падалі прашэнне на імя начальніка Мінскай паштовай акругі пра адкрыццё ў сяле дзяржаўнага паштовага аддзялення. Сельская абшчына абавязалася выдзеліць бясплатна на тры гады памяшканне з ацяпленнем для пошты, унесці ў казну 195 руб. на набыццё паштовай маёмасці. Начальнік Мінскай паштовай акругі, перасылаючы просьбу Мінскаму губернатару, дапісаў такія звесткі: "В окрестностях Рудобелки проживают 12840 жителей, в волости — 113 деревень с населением 14738 человек, почтового же учреждения не имеется". Аднак ён не звярнуў увагу, што амаль на 15 тыс. чалавек у валасным праўленні была усяго адна паштовая скрыня. Рашэннем Галоўнага паштовага ўпраўлення і адміністрацыі Мінскай губерні дзяржаўная пошта ў Рудабелцы была адкрыта праз два гады — 1 чэрвеня 1916 г. Два гады — не вельмі доўгі тэрмін для адкрыцця паштовай установы ў Расіі пачатку XX ст. У беларускіх губернях вядомы і больш працяглыя тэрміны чакання. Бюракратычны апарат дзейнічаў вельмі павольна, і праходзілі гады, перш чым з'яўляўся станоўчы адказ. За цяжкімі працоўнымі буднямі, пазбаўленнямі, неўраджаямі, часам голадам і холадам працаўнікі забывалі пра тое, што калісьці падавалі прашэнні пра будову пошты ў іх мястэчку ці сяле.

РИС.6

У студзені 1909 г. мяшчанская ўправа Кажан-Гарадка (Пінскі павет Мінскай губерні) падала прашэнне начальніку Мінскай паштовай акругі пра адкрыццё ў мястэчку паштовага аддзялення замест паштовых аперацый пры валасным праўленні. Па дзеючым у той час правілам жыхары Кажан-Гарадка абавязаліся ўнесці аднаразова пры адкрыцці паштовага аддзялення 195 руб. на набыццё неабходнага паштовага абсталявання і імянных паштовых штэмпеляў, а таксама на працягу трох гадоў уносіць грошы на канцылярскія выдаткі. У абавязак насельніцтва мястэчка ўваходзіла таксама бясплатнае прадастаўленне дома з пяці пакояў з ацяпленнем і асвятленнем для паштовага аддзялення тэрмінам на тры гады. На працягу ўсяго часу абшчына павінна была бясплатна перавозіць пошту. Жыхары Кажан-Гарадка былі згодны выканаць гэтыя цвёрдыя ўмовы, хоць з набыццём пяціпакаёвага дома ў іх узніклі вялікія цяжкасці "за неимением средств". Але паштовае ўпраўленне не спяшалася адкрываць аддзяленне сувязі ў мястэчку. У 1913 г. жыхары зноў напісалі прашэнне праз начальніка Лунінецкай паштова-тэлеграфнай канторы. І гэтым разам просьба не была здаволена. Толькі ў верасні 1916 г. "в связи с военными действиями "было адкрыта "почтовое отделение общего типа в местечке Кожан-Городок".

Спашлёмся на архіўныя дакументы і прывядзём яшчэ некалькі прыкладаў, якія расказваюць, у якіх цяжкіх умовах адкрываліся паштовыя аддзяленні ў беларускіх губернях.

РИС.7

У ліпені 1893 г. жыхары мястэчка Новая Мыш Наваградскага павета (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) звярнуліся з прашэннем да начальніка Мінскай паштова-тэлеграфнай акругі, у якім гаварылася: "…местные и окрестные жители просят об открытии почтового отделения и выражают согласие в течение трех лет со дня открытия отделения принимать участие в расходах казны по содержанию оного". Просьба жыхароў засталася нездаволенай.

Жыхары сяла Рубель Мазырскага павета (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.) падалі прашэнне ў студзені 1913 г. Быў выдзелены бясплатна дом для паштовага аддзялення, якое ў чэрвені 1916 г. пачало працу.

"Обыватели станции Микашевичи (Лунинецкий р-н Брестской обл.) Полесских железных дорог" таго ж Мазырскага павета падалі прашэнне ў 1905 г. і прачакалі адказ "усяго" 11 гадоў. Толькі ў чэрвені 1916 г. яны змаглі скарыстацца паслугамі паштовага аддзялення. Але ўсе бюракратычныя "рэкорды" былі пабіты пры разглядзе прашэння жыхароў мястэчка Пціч, размешчанага на лініі Палескіх чыгунак. Прашэнне было пададзена 20 мая 1897 г. Жыхарам станцыі Пціч і навакольных вёсак прыйшлося чакаць рашэнне паштовага дэпартамента ні многа ні мала, а поўных 19 гадоў. Паштовае аддзяленне было адкрыта 1 красавіка 1916 г. (мал. 5).

РИС.8

Прычынай такога хуткага рэагавання паштовай адміністрацыі на просьбу рудабельцаў пра адкрыццё дзяржаўнай пошты ў сяле было ваеннае становішча ў беларускіх губернях. Сельская пошта, земская і валасная не спраўляліся з патокам карэспандэнцыі, якая рынула ад бежанцаў, што аселі ў беларускіх вёсках, з ваенных частак, гарнізонаў, шпіталяў і лазарэтаў. Ваеннае становішча патрабавала больш выразнай і дасканалай працы органаў сувязі. Мабыць, таму толькі ў 1916 г. у Мінскай і Магілёўскай губернях былі адкрыты 28 дзяржаўных паштовых аддзяленняў (у сувязі з гэтым у некаторых валасных праўленнях паштовыя аперацыі былі спынены, у некаторых жа воласцях пошта пры праўленнях працавала разам з дзяржаўнай).

Новыя паштовыя аддзяленні агульнага тыпу былі адкрыты ў канцы 1915 г. і на працягу 1916 г. не толькі на тэрыторыі Мінскай паштова-тэлеграфнай акругі. У цыркуляры Галоўнага паштовага ўпраўлення ад 29.12.1915 поштдырэктараў і начальнікаў паштова-тэлеграфных акруг апавяшчалі, што "взамен почтовых операций при волостных и сельских правлениях Калужской, Орловской и Тульской губерний открыты почтовые отделения общего типа". У гэтым жа цыркуляры паведамлялася, што ў Смаленскай паштова-тэлеграфнай акрузе зачынены ўсе паштовыя аперацыі пры валасных праўленнях. Да пачатку 1917 г. у беларускіх губернях засталася невялікая колькасць пошт пры валасных праўленнях, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі яны наогул спынілі сваё існаванне.

У Расіі, нараўне з існуючымі, ўвесь час адкрываліся і зачыняліся часовыя паштовыя аддзяленні.

Паводле дадзеных на 1 лістапада 1915 г., у Расіі было 58 часавых паштовых аддзяленняў, якія працавалі сезонна. З іх усяго тры аддзяленні знаходзіліся ў межах Беларусі, яны былі размешчаны ў ваенных лагерах каля Гародні і Брэст-Літоўска, а таксама ў Пагулянцы — курорце ў Віцебскай губерні. Паштовы штэмпель часовага аддзялення сувязі ў ваенным лагеры каля Брэст-Літоўска меў такі тэкст: "БРЕСТЪ-ЛИТОВСКЪ ЛАГ. ГРОД. а * *. 15.5.13" (мал.6).

РИС.9

Шматлікія сезонныя паштовыя аддзяленні пасля былі пераўтвораны ў пастаянныя.

Дачнікі Ратамкі (цяпер прыгарад Мінска) на працягу 1910-1911 гг. мелі вялікія нязручнасці ў сувязі з адсутнасцю паштовага аддзялення ў пасёлку. У лютым 1912 г. было накіравана прашэнне Мінскаму губернатару пра адкрыццё ў Ратамцы ў дачны сезон хоць бы часовага паштовага аддзялення. Прашэнне было пераслана начальніку Мінскай паштова-тэлеграфнай акругі. Праз некаторы час на прашэнне была накладзена такая рэзалюцыя: "…признаю желательным и полезным в интересах общества и администрации открыть на летний сезон в дачной местности в поселке Ратомка Минского уезда (Либаво-Роменской ж. д.) временного почтового отделения также и переговорной телефонной станции с Минском".

Чыноўнікі Мінскай паштова-тэлеграфнай канторы высвятлілі, што ў летні сезон у Ратамцы бывае да 3000 дачнікаў і знайшлі мэтазгодным арганізаваць часовае аддзяленне. Яно было адкрыта на летні сезон 1912 г. з 16 мая па 16 верасня. Тады ж спецыяльным цыркулярам было ўведзена ўжыванне часовым паштовым аддзяленнем каляндарнага штэмпеля з пераводнай датай і надпісам: "РАТОМКА МИН. ВР. П.  О. а * * "(мал. 7).

Тым жа цыркулярам было ўведзена ўжыванне вялікай страхавой пячаткі, даплатнага штэмпеля і ярлыку для заказных лістоў.

РИС.10

У 1913 г. часавае паштовае аддзяленне зноў было адкрыта. Туды былі адкамандзіраваны працаўнікі і тэлефаністы Мінскай губернскай паштовай канторы.

Начальнік Мінскай паштовай акругі ў верасні-кастрычніку 1913 г. ізноў атрымаў некалькі прашэнняў пра адкрыццё пастаяннага паштовага аддзялення ў Ратамцы. Быў зроблены падлік прыбыткаў у казну дзяржавы ад работы часовага паштовага аддзялення ў Ратамцы за летні сезон 1912-1913 гг. Было ўсталявана, што ў 1912 г. толькі ад продажу паштовых марак, картак, перасылкі заказных лістоў і бандэроляў было выгандлевана 733 руб., а ў 1913 г. — 953. Улічваючы вялікі прыбытак і шматлікія прашэнні, Мінская паштовая акруга знайшла магчымасць адкрыць у Ратамцы з 20.05.1914 пастаяннае паштовае аддзяленне. У спецыяльным цыркуляры па гэтай нагодзе было сказана: "С мая 20 сего года накладывать на письма новый календарный штемпель почтового отделения Ратомки". 22 лютага 1917 г. паштовае аддзяленне Ратамка распараджэннем начальніка Мінскай паштова-тэлеграфнай акругі было пераўтворана ў паштова-тэлеграфнае.

У 1910 г. часовае паштовае аддзяленне працавала ў вайсковым Скобелеўскім лагеры каля Барановіч (Наваградскі павет, Гарадзейская паштовая кантора). Дакладная дата пачатку яго працы яшчэ не ўсталявана (мал. 8, 9).

У жніўні 1913 г. генерал кавалерыі, камандзір IV армейскага корпуса Навасільцаў, часці якога былі раскватараваны ў Скобелеўскім лагеры, у прашэнні на імя начальніка Мінскай паштова-тэлеграфнай акругі пісаў: "Прошу об открытии при Скобелевском лагере постоянного почтово-телеграфного отделения на круглый год с осени текущего года, так как кроме частей 40-й пехотной дивизии в нем оставляются команды при офицерах и от 30-й пехотной дивизии. 9 августа 1913 г." (мал. 10, 11).

РИС.11

Прашэнні паступалі таксама і ад мясцовых жыхароў, якія ў перыяд вяснова-восеньскай бездаражы і снежных намецяў выпрабоўвалі вялікія нязручнасці ў прыёме і падачы паштовай карэспандэнцыі. Таму што на пошту даводзілася ехаць у Горадзею ці Баранавічы.

Пастаяннае паштовае аддзяленне было адкрыта ў Скобелеўскім ваенным лагеры 20 верасня 1913 г. Стары штэмпель з надпісам "ЛАГЕРЬ МИН. ВР. П-Т.О "больш не ўжываўся. Замест яго ва ўжыванне былі ўведзены пастаянныя паштовыя штэмпелі з тэкстам: "СКОБЕЛЕВСКІЙ ЛАГЕРЬ МИНСК. г * *". Вядомы штэмпелі ПТО лагера з індэксамі "а", "б", "в" і "г" (мал.12).

Паштоваму аддзяленню было выдзелена дрэннае памяшканне з малой колькасцю пакояў. Няма дзе было размясціць тэлефонную апаратуру, няма дзе было жыць працаўнікам. Да ўсіх гэтых нязручнасцяў дадалося яшчэ і тое, што ў дажджлівы перыяд вадой залівала акумулятарную і частку памяшкання пошты. Працаўнікі Скобелеўскага паштовага аддзялення неаднаразова звярталіся з просьбай пра будаўніцтва новага будынка. Рашэнне "О постройке Скобелевского почтового дома под железной крышей за счет казны "было прынята ў канцы 1913 г., а напачатку 1915 г. будаўніцтва было скончана.

РИС.12

Да 1913 г. у Беларусі было 380 прадпрыемстваў сувязі. Новыя паштовыя аддзяленні адкрываліся марудна і з вялікімі цяжкасцямі.

Цяжкія ўмовы, у якія дзяржава ставіла жыхароў, якія хацелі мець у сябе ў мястэчку пошту, былі вельмі выгаднымі для паштовага дэпартамента. Па сутнасці, ён амаль не нёс выдаткаў на адкрыццё новых паштовых аддзяленняў. Бедная дарэвалюцыйная вёска ў вельмі рэдкіх выпадках мела магчымасць выканаць гэтыя кабальныя ўмовы. А калі яны і выконваліся, то жыхары таго ці іншага сяла не маглі быць упэўненымі ў тым, што пошта ў іх праіснуе доўга. Нават для працуючай пошты прад'яўляліся сур'ёзныя патрабаванні: калі на працягу трох гадоў дзейнасць пошты не прыносіла прыбытку ў дзяржаўную казну, то яна зачынялася.

Леў КОЛАСАЎ,

член Беларускага саюза журналістаў,

член мастацкага савета Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ,

замежны член Польскай акадэміі філатэлістыкі,

старшыня Беларускага саюза філатэлістаў.

Матэрыял ласкава прадастаўлены рэдакцыяй часопіса "Веснiк сувязi".