Паслугі

Старонкі гісторыі Магілёўскай пошты


наперад

РИС.1

Гісторыя паштовай службы ў Прыдняпроўскім краі сыходзіць каранямі ў сівую мінуўшчыну. Сабраны асобныя звесткі, адрывістыя дадзеныя, але цэласнага аповяду пра развіццё пошты на Магілёўшчыне пакуль няма. Што ж, пагартаем пажоўклыя старонкі архіва.

У студзені 1667 г. у мястэчку Андрусава (цяпер Смаленская вобласць) было заключана перамір'е паміж Польшчай і Расіяй. Па адным з пунктаў дамовы вырашана было забяспечыць рух пошты паміж дзяржавамі. Пошта гэтая, названая Віленскай, была заснавана 14 снежня 1667 г. Праект яе ўладкавання распрацаваў віленскі паштмайстар Рэйнгальд Біссінг. Ён жа саставіў палажэнне, якім ўсталёўваўся парадак праходжання пошты. З Вільні карэспандэнцыя адпраўляўся ў пятніцу апоўдні, у Мінск прыбывала ў суботу ў тры гадзіны папаўдні, у Магілёў — у панядзелак апоўдні і на мяжу — у аўторак рана раніцай.

З Масквы пошта ішла праз Смаленск да мястэчка Мінгавічы у Смаленскам ваяводстве, перасякала польскую мяжу ў мястэчку Кадын Мсціслаўскага ваяводства і далей накіроўвалася ў Магілёў, Мінск і Вільню (мал. 1). Гэта пошта, "на всякую неделю путь свой шествуя, всякие листы и ответы как государские буде будет, так и торговые" абавязана была перавозіць безупынна за вызначаную плату. Але працавала яна не вельмі рытмічна і, як следства, нядоўга.

Да 1671 г. Віленская пошта прыйшла ў заняпад. Афіцыйна яна не была ліквідавана, але канчаткова парвалася гэтая паштовая сувязь у 1679 г. пасля чутак пра згубнай пошасці за мяжой. На мяжы з Польшчай была пастаўлена застава, і ўсе лісты або вярталіся, або знішчаліся. У 1683 г. новы начальнік Пасольскага загада ў Маскве князь В. В.  Галіцын, даведаўшыся пра заняпад Віленскай пошты, прапанаваў А. Вініусу, першаму рускаму паштмайстру, аднавіць яе працу. 16 чэрвеня 1683 г. выдаецца ўказ ад імя кіраўніцы Соф'і, які прадпісвае арганізаваць перасылку пошты да літоўскай мяжы ад Масквы праз Смаленск і далей праз Магілёў і Мінск.

Смаленскі ваявода Фадэй Крыжэўскі аднавіў адносіны з літоўскім паштмайстрам Р. Біссінгам. Аднак Віленская пошта пачала дзейнічаць толькі праз два гады. У 1685 г. у Маскву прыехаў польскі пасол Зямбоцкі, каб заключыць "вечный мир" паміж Маскоўскай дзяржавай і Польшчай. Польскі кароль прапанаваў аднавіць Віленскую пошту на ранейшых умовах, што і было зроблена. 10 снежня 1685 г. Вялікае Княства Літоўскае ў асобе генеральнага паштмайстра Рейнгальда Біссінга і Пасольскі загад Расіі ў асобе Андрэя Вініуса падпісалі новы дагавор пра працу пошты, які амаль не адрозніваўся ад папярэдняга.

Парадак ажыццяўлення паштовай сувязі быў такі. Атрымаўшы пошту на прускай мяжы каля мястэчка Ленкен у сераду, Біссінг дастаўляў яе ў Вільню ў пятніцу. Пасля двухгадзіннага прыпынку карэспандэнцыю везлі ў Мінск (тэрмін дастаўкі — нядзеля), у аўторак яна прыбывала ў Магілёў і ў сераду — у Кадин. У Магілёве ў той час існаваў паштовы двор, меліся паштовыя перавозкі, больш прагрэсіўнае паштовае абсталяванне і паштовыя службоўцы.

РИС.2

У час руска-швецкай вайны 1700-1721 гг. па ўказе Пятра I у Беларусі будаваліся паштовыя дарогі і станцыі. Напачатку вайны была праведзена рэарганізацыя рускага войска, эканомікі, дзяржавы. Рэформа кранулася і пошты. Пятру патрэбна была надзейная сувязь з Беларуссю. Хуткімі тэмпамі будаваліся, паляпшаліся, рэарганізоўваліся паштовыя станцыі і дарогі. У снежні 1707 г. прайшла першая пошта па гасцінцу, які быў пабудаваны капітанам Г. Зезевитовым "со солдаты", з Барысава ў Быхаў праз Копысь і Магілёў. Да канца 1708 г. паштовыя гасцінцы праз Магілёў, Быхаў і Копысь злучылі Віцебск з Чарнігавам і Кіевам. Ваенная пошта выканала станоўчую ролю ў справе развіцця паштовай сувязі не толькі на Магілёўшчыне, але і ва ўсім Заходнім краі. Яна была надзейнай, але для хуткай і рэгулярнай дастаўкі лістоў патрабавалася вельмі многа салдатаў. Указам ад 14 жніўня 1711 г. на паштовых гасцінцах Вялікія Лукі-Віцебск-Магілёў-Гомель, Магілёў-Бабруйск-Мінск і іншых былі адменены часовыя ваенныя пошты. На змену салдатам, якія абслугоўвалі гэтыя ўстановы, прыйшлі фурманы. Пошта стала пастаяннай, грамадзянскай.

Па паштовых дарогах развозіліся не толькі казённыя і прыватныя лісты, але і газеты. Упершыню сталі рассылаць рускія і замежныя газеты па паштовым гасцінцы Санкт-Пецярбург-Пскоў-Магілёў. У "Санкт-Петербургских ведомостях" ад 18 снежня 1772 г. апублікавана аб'ява пра падпіску, у якой гаварылася, што "на будущий 1773 год генваря с 1 числа “Санкт-Петербургские ведомости” желающие брать, могут заблаговременно вносить в академическую типографию… из Могилева по 6 рублей на год".

Напачатку XVIII ст. у Вялікім Княстве Літоўскам было тры галоўных паштовых гасцінца, ад якіх у розныя краіны адыходзіла мноства паштовых дарог нізкага разраду. Цэнтрам іх скрыжавання быў горад Вільня. У 1717 г. Варшаўскі Сойм зацвердзіў расклад паштовых гасцінцаў Вялікага Княства Літоўскага. Адзін з іх "шел на Белую Русь через Минск и Могилев до границ Московских". Сойм зацвердзіў пастанову, згодна з якой гэты паштовы гасцінец абслугоўваўся коннымі паштальёнами. У кнізе П. Домбковского "Очерки устройства почты в старой Польше" (Кракаў, 1903) паведамляецца, што ў 1752 г. у Люблін прыходзіла пошта "литовская из Брест-Литовска, Гродно, Вильно и Могилева". Пра гэта ж згадваецца ў спецыяльным паведамленні польскай пошты ў "Информаторе почт варшавских".

Новы этап у развіцці пошты пачаўся пасля далучэння Беларусі да Расіі. На дарогах Магілёўскай губерні ў канцы 70-х гадоў XVIII ст. з'явіліся новыя паштовыя станцыі. У "Почтовом дорожнике" за 1777 г. паведамлялася, што ў беларускіх губернскіх гарадах адкрыты паштамты і назначаны паштмайстры (1776 г.). Магілёўскім паштамтам кіраваў Міхась Шейба, Мсціслаўскім — Антон Фішар.

У 1779 г. беларускі губернатар і полацкі намеснік атрымалі ўказанні аб заснаванні пошт ад Санкт-Пецярбурга да Кіева праз Магілёўскую губерню. Тады ж было вырашана адрамантаваць дарогі і струхлелыя будынкі паштовых станцый у сувязі з прыездам у Беларусь царыцы і асоб царскага прозвішча. Гэтыя ўказанні спрыялі хуткаму будаўніцтву новых паштовых станцый. З гэтага часу на станцыях належыла мець па адной фуры, зробленай накшталт калыскі, пакрытай фарбаванай парусінай і ўпрыгожанай дзяржаўным гербам.

РИС.3

У фуры змяшчаліся шэсць чалавек, тры пуду паклажы і да шасці пудаў пасылак. Такія фуры хадзілі адзін раз у тыдзень па асноўных паштовых гасцінцах Магілёўшчыны. Але рускія пасажыры, якія звыкліся не сцясняць сябе вялікай колькасцю багажу, не прыстасаваліся да гэтых экіпажаў, ды і дарогі былі непадыходзячымі для такіх фур.

У 1827 г. пошт-дырэктар прапанаваў уладкаваць лінію паведамлення на дыліжансах ад Пецярбурга праз Віцебск, Магілёў, Чарнігаў, Кіеў і Жытомір да аўстрыйскай мяжы, сумясціўшы перавозку пасажыраў і пошты.

У першай палове XIX ст. на тэрыторыі Беларусі будаваліся дарогі новага тыпу — шаша. Першая такая дарога, якая звязала Маскву з Варшавай, з'явілася ў 40 х гадах XIX ст. Былі таксама пабудаваны новыя паштовыя гасцінцы Брэст-Літоўск-Бабруйск, Бабруйск-Магілёў. З 1850 г. экіпажы з поштай і пасажырамі адпраўляліся з Санкт-Пецярбурга ў Магілёў і Бабруйск, затым па новай лініі шашы ішлі да Брэст-Літоўска і далей — да Варшавы.

У Бабруйскім павеце Магілёўскай губерні налічвалася найбольшая колькасць паштовых дарог (мал. 2). Тут праходзілі Маскоўска-Варшаўская шаша працягласцю больш 105 вёрст, гасцінец з Мінска ў Бабруйск — 41 вярста, дарога праз Парычы на Чарнігаў — каля 75 вёрст і шаша з Бабруйска ў Магілёў — 40 вёрст. На гэтых гасцінцах у межах Бабруйскага павета знаходзіліся 13 паштовых станцый з 134 коньмі і 82 фурманамі. У павеце таксама мелася старая Магілёўская паштовая дарога (54 вярсты) ад Бабруйска праз Папоўшчыну і Ахоцічы на станцыю Хмеліна Магілёўскай губерні.

У "Указателе дорог Российской империи" 1804 г. "главная почтовая дорога Санкт-Петербург-Могилев-Чернигов-Екатеринославль" абазначана № 148. Праз Магілёўскую губерню гэты паштовы гасцінец праходзіў ад паштовай станцыі сяла Палавінкі Віцебскай губерні да станцыі ў мястэчку Дабранка Чарнігаўскай губерні — усяго 335 вёрст. На гэтай паштовай дарозе было размешчана 19 паштовых станцый: у Бабінавічах, Арэхах, Оршы, Александрыі, Шклове, Дабрэйках, Магілёве, Кутне, Рабавічах, Прапойску, Глінцы, Літвіновічах, Вараноўшчыне, Чачэрску, Шэпетавічах, Асобіна, Касцюкоўцы, Беліцы, Пясочнай Будзе. Адзінаццаць станцый мелі "ночлежные места". Аднак, шматлікія станцыйныя дамы былі вельмі трухлявымі. Адзіны каменны двухпавярховы будынак знаходзіўся ў Оршы. Некалькі паштовых станцый на Магілёўскім участку дарогі № 148 размяшчаліся ў дамах, узятых у арэнду ў мясцовых сялян. У 1824 г. магілёўскі паштмайстар дакладваў начальству, што паштовы дом ў Шклове, узяты ў арэнду ва ўдавы Разенберхавай, знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане: "Неблагоприличны помещения в нем для проезжающих и содержатся в крайней неприятности".

РИС.5

У 20-я гады XIX ст. Магілёўская паштовая станцыя валодала двухпавярховай каменнай гасцініцай, на кожным паверсе якой было чатыры пакоі. На першым паверсе размяшчаліся "людские" пакоі, на другім — "для господ проезжающих". Да 1815 г. у гэтым будынку знаходзіўся магілёўскі астрог, але будынак турмы "было обращено дворянством под почтовую станцию". На галоўнай станцыі меліся жыллё для пісарчука і фурманаў, стайня для 45 коней, сховішча фуражу. Двор быў выкладзены каменем. Утрымоўваў паштовую станцыю адстаўны палкоўнік Віткоўскі. Маёмасць станцыі складалі: два звычайных стала, два ламберных стала, 24 крэсла, адна канапа, адна драўляная лава, чатыры люстэркі, некалькі чарніліц і інш. У тыя гады ў Магілёве быў яшчэ адзін паштовы будынак, у якім размяшчалася Магілёўская губернская паштовая кантора.

У першай палове XIX ст. пачалося ўдасканаленне і некаторая рэарганізацыя паштовай службы. У сакавіку 1838 г. на падставе зацверджанага 3 чэрвеня 1837 г. "Указа о земской почте в Могилевской губернии" была створана земская пошта. Пасля доўгіх перамоў склалі "подробное расписание пунктам избранным по удобности для перемены лошадей земской почты в каждом уезде с описанием расстояния всякого пункта от уездного города и взаимно один от другого" з улікам фурманаў і коней у земскіх станах, колькасці коней у так званых гаспадароў — тых, хто за плату аддаваў земству коней для перавозкі пошты, "чтобы земская почта безостановочно могла иметь всегда следование от места первой перемены лошадей далее по уезду". Пункты для змены коней земскай пошты былі прызначаны па паветах: першы — ад Магілёва да Шклова (32 вярсты), другі — ад Шклова да Тубышак (20 вёрст), трэці — ад Тубышак праз Круглае да Цяцерына (20 вёрст) і чацвёрты — ад Цяцерына праз Галоўчын да Княжыц (30 вёрст), з Княжыц у Магілёў — 13 вёрст.

РИС.7

У 1840 г. у беларускіх губернях быў праведзены паштовы эксперымент, які не атрымаў пазней распаўсюду, — праект уладкавання "почты по уездам". Намеры былі самыя добрыя: задаволіць у паштовых адносінах не столькі сельскае насельніцтва (якое не вельмі карысталася паштовымі паслугамі), колькі памешчыкаў, што жылі ў адным павеце. Але апынулася, што яны не вельмі жадаюць пісаць адзін аднаму лісты: за 1841 г. па рассыльнай пошце Магілёўскай губерні былі адпраўлены ўсяго два лісты. Праект не прынялі. Цікава адзначыць, што Мінскі губернатар палічыў ўнутрыпавятовую пошту небяспечнай у палітычным стаўленні. У сваім сакрэтным рапарце ён пісаў: "Поспешаю доложить, что, по мнению моему, эту мысль опасно проводить в исполнение в западных губерниях, смею думать, даже в сопредельных, по крайней мере Могилевской и Витебской: ибо это, во-первых, облегчало бы распространение между обывателями всяких вредных толков, политических предприятий и переписки неблагонамеренной, во-вторых, ослабило бы меры тайного за ними наблюдения губернского начальства, в третьих, уничтожило бы все влияние страха со стороны местных полиций на помещиков".

РИС.8

У Магілёўскай губерні ў 1849 г. было атрымана больш капіталаў, чым адпраўлена: 204 мільёнаў рублёў супраць адпаведна 136 мільёнаў рублёў (па дадзеных І. А.Гана, 1854). У 1862 г. губернскім паштмайстрам быў стацкі дараднік К. К.  Каржыцкі. За час яго працы Магілёўская губернская паштовая кантора атрымала найвышэйшы разрад — I клас. Такіх кантор у Расійскай імперыі было толькі шэсць з 47. Штат канторы складаў 30 чалавек. Губернскі паштмайстар атрымліваў 1200 рублёў за год, яго памагаты — 1000 рублёў, 15 паштальёнаў канторы мелі аклад па 150 рублёў у год.

У Быхаве паштовай канторай кіраваў павятовы паштмайстар, калежскі асэсар Губарэвіч, у Гомелі — надворны дараднік Лагоцкі, у Горы-Горках — калежскі асэсар Дабравольскі. У архіўных дакументах захаваліся прозвішчы некаторых наглядчыкаў паштовых станцый: гомельскай паштовай станцыі — Дзін, касцюкоўскай — Альшеўскі, клімаўскай — Гамолка, студзенагудскай — Спельт, лакуценскай — Анісімаў, файнаўскай — калежскі рэгістр Кукішаў.

РИС.9

Амаль невядома, якія паштовыя адзнакі ставіліся напачатку-сярэдзіне XVIII ст. пры алсылцы, атрыманні ці праходжанні лістоў праз прамежкавыя паштовыя станцыі. Лістоў таго часу ў філатэлістаў захавалася вельмі мала, таму зрабіць нейкія адназначныя вывады пра паштовыя правілы,якія ў той час існавалі, вельмі цяжка. Вось, напрыклад, на канверце 1729 г., які накіроўваўся "Шляхетному магистрату города Могилева", прастаўлены на пошце ад рукі такі надпіс: "Дошло 7 сентября 1729 года" (мал. 3).

Ужо ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. на шматлікіх паштамтах Расіі пачалі ўжывацца спецыяльныя штэмпелі для клеймавання, якія атрымалі назву штэмпеляў дамарачнага перыяду. Яны ставіліся на лістах у месцах падачы (як гэта робіцца і сёння), радзей — пры атрыманні карэспандэнцыі. У першы перыяд яны ўяўлялі сабою толькі назву горада (часам у рамцы, у авале), з паштовай канторы якога адпраўлены ліст. Першы магілёўскі штэмпель датуецца 1791 г. Ён уяўляў сабою толькі назву горада — "МОГИЛЕВЪ" (мал. 4). Затым з'явіўся нумар рэгістрацыі ліста "МОГИЛЕВЪ № …" (мал. 5). Ад рукі побач прастаўлялася дата адпраўлення. Напачатку XIX ст. магілёўская пошта ўжывала штэмпелі з указаннем, што гарады адпраўлення/атрымання — губернскія: "Губ.. Г. МОГИЛЕВЪ", "МОГИЛЕВ ГУБЕР." (мал. 6). У 30-40 я гады XIX ст. штэмпелі былі ўдасканалены, з'явілася дата, тэкст стаў двухрадковым "МОГИЛЕВЪ ГУБ. / 16 августа 1835”, “МОГИЛЕВ: ГУБ. / ОКТЯБР 20 1838" (мал. 7). Такімі штэмпелямі Магілёўская пошта карысталася аж да ўвядзення ў зварот першай расійскай паштовай маркі. У 50-я гады XIX ст. былі вядомы два віда магілёўскіх паштовых штэмпеляў — "МОГИЛЕВЪ ГУБЕ: / ДЕКАБРЯ 1852 г." (мал. 8) і штэмпель у рамцы з тэкстам "МОГИЛЕВЪ ГУБ / 1 февраля 1856 г." (мал. 9).

РИС.10

У 30-50-я года XIX ст. ва ўсіх буйных гарадах на паштамтах пачаў ужывацца адзіны штэмпель з надпісам "Получено", дзе меркавалася месца для прастаўлення ад рукі даты запаўнення (мал. 10). Магілёўскім паштамтам такі штэмпель ужываўся разам з штэмпелем у рамцы з тэкстам у два радкі "МОГИЛЕВЪ / ГУБЕРНСКiЙ" (мал. 11). Гэты штэмпель ужываўся і для адпраўкі лістоў, і пры іх атрыманні.

РИС.11

10 снежня 1857 г. апублікаваны цыркуляр № 3 паштовага дэпартамента, у якім паведамлялася пра ўвядзенне ў Расіі паштовых марак. Франкіроўка лістоў гэтымі маркамі дазвалялася з 1 студзеня 1858 г. Паведамленне надрукавалі практычна ўсе расійскія газеты таго часу. У "Могилевских губернских ведомостях" яно было апублікавана 4 студзеня 1858 г. Паводле параграфаў 6 і 7 цыркуляра № 3 гасіцца маркі павінны "посредством чернил в крестообразном виде", г. зн. перакрэслівацца ад рукі. Аднак такое гашэнне не задавальняла працаўнікоў пошты і паштовы дэпартамент. Таму цыркулярам № 138 ад 26 лютага 1858 г. паштовы дэпартамент прадпісаў, каб да ўвядзення спецыяльных штэмпеляў гашэння карысталіся штэмпелямі дамарачнага перыяду. Сярод філатэлістаў пакуль вядомы ўсяго два гашэнні першых расійскіх марак дамарачным штэмпелем "МОГИЛЕВЪ / ГУБЕР".

Леў КОЛАСАЎ,

член Беларускага саюза журналістаў,

член мастацкага савета Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ,

замежны член Польскай акадэміі філатэлістыкі,

старшыня Беларускага саюза філатэлістаў.

Матэрыял ласкава прадастаўлены рэдакцыяй часопіса "Веснiк сувязi".


наперад