Паслугі

З гісторыі развіцця паштовай сувязі Беларусі ў 1950-х - 1995 гг.

У 1953 годзе ў Мінскім тэхнікуме сувязі пачаліся першыя заняткі па падрыхтоўцы спецыялістаў паштовай сувязі.

У 1954 годзе было арганізавана Міністэрства сувязі БССР. Першым Міністрам Беларускай ССР быў прызначаны Афанасьеў П. В. , намеснікамі — Косаў У. А, Жыгмунт В. М.  і Кваша І. Н.

У 1955 годзе ў горадзе Мінску адкрыты першы паштамт у Беларусі па Ленінскім праспекце, 10.

Першым начальнікам Мінскага паштамта быў прызначаны Мельнікаў Г. Я. , які да гэтага ўзначальваў Мінскую паштовую кантору.

У 1954 году Мінскаму абласному ўпраўленню сувязі перададзены Глуская, Грэская, Клецкая, Капыльская, Любанская, Нясвіжская, Слуцкая, Старобінская, Старадарожская, Стаўбцоўская, Краснослабодская канторы сувязі.

У 50-х гадах пачынаюць укараняцца ў вытворчасць каштоўныя распрацоўкі беларускіх рацыяналізатараў.

У 1955 г. у Мінскай вобласці былі адкрыты 4 новыя аддзяленні сувязі і 10 агенцтваў. Адкрыты аўтатракты Слуцк — Любань — Глуск, Слуцк — Капыль, Чырвоная Слабада — Сторобін.

У 1955 г. Мінская абласная транспартная кантора перайменавана ў Транспартную кантору сувязі БССР. Транспартная кантора МС БССР ажыццяўляла дастаўку паштовай карэспандэнцыі ва ўсіх раённых вузлах Мінскай вобласці, забяспечвала маршруты з г. Мінска ў Бабруйск, Баранавічы, Оршу, Стоўбцы, Пагост, Крайск, Узду. Аўтамабілі канторы абслугоўвалі маршруты па выемцы лістоў і ГСП у г. Мінску, дастаўлялі пасылкі і тэлеграмы.

У 1958 годзе ўдзельная вага даходаў ад паштовай сувязі складала 43,8% ад усіх даходаў сувязі Беларусі.

У 1959 годзе па прыкладзе работнікаў Масква-Сартавальная на прадпрыемствах паштовай сувязі Беларусі было арганізавана спаборніцтва за камуністычную працу.

У 1959 годзе арганізавана рэспубліканскае сацыялістычнае спаборніцтва ўпраўленняў і прадпрыемстваў сувязі.

Першымі пераможцамі Рэспубліканскага сацыялістычнага спаборніцтва сталі калектывы Мінскага паштамта і Магілёўскага раённага вузла сувязі.

У 1964 г. у сувязі з павелічэнем колькасці аўтамабіляў, што размяшчаліся на тэрыторыі гаража па вуліцы Падлесная, Транспартнай канторы была перададзена тэрыторыя для будаўніцтва новага гаража па вул. 3-я Пасялковая, 6. Вытворчыя памяшканні новага гаража былі ўведзены ў эксплуатацыю ў 1968 годзе.

У 1965 годзе ў Мінскай вобласці арганізаваны Бярэзінскі, Валожынскі, Смалявіцкі і Салігорскі раённыя вузлы сувязі.

У пасляваенныя гады, ва ўмовах бесперапыннага і імклівага росту паштовага абмену, апрацоўка пошты ручным спосабам становіцца немагчымай.

У гэты час, па сутнасці, нанова стала стварацца прамысловая база Міністэрства сувязі СССР па выпуску спецыяльных сродкаў механізацыі паштовых адпраўленняў.

1950 — 1965 гады адзначаны новым уздымам у развіцці паштовай сувязі ў Беларусі. У 1950 — 1965 годзе адкрыта дадаткова 1350 аддзяленняў сувязі.

У 1965 годзе ў Беларусі агульная колькасць іх налічвала — 3200.

Пабудавана 600 новых і заменена 1500 непрыдатных для нармальнай эксплуатацыйнай дзейнасці памяшканняў аддзяленняў сувязі.

У аддзяленні сувязі і прадпрыемствы паштовай сувязі ўкаранёны сродкі механізацыі: транспарцёры, грузавыя пад'ёмнікі, штэмпельныя, маркіравальныя, падліковыя, электраштэмпелявальныя, адрасадрукавальныя, мешкасшывальныя, кіпавязальныя і пісьмасарціравальныя машыны, электракары і грузавыя пад'ёмнікі.

У шматпавярховых дамах для палягчэння працы паштальёнаў устаноўлены абаненцкія шафы на 210 тысяч кватэр.

У пачатку 60-х гадоў у прадпрыемствах паштовай сувязі праводзіцца работа па ўкараненні навуковай арганізацыі працы. З 60-х гг. ХХ ст. ў Беларусі сталі шырока выкарыстоўвацца спецыяльныя паштова-багажныя цягнікі, якія курсіруюць на напрамках з магутнымі патокамі пошты.

У гэты ж час аўтамабілі выкарыстоўваліся для перасоўных аддзяленняў сувязі. Перасоўныя аддзяленні сувязі аказвалі паслугі паштовай сувязі сельскаму насельніцтву, дзе не было стацыянарных аддзяленняў.

Да 1960 году цалкам механізавана даставачная служба. Сельскім паштальёнам выдадзена каля 5000 веласіпедаў, мапедаў і матацыклаў.

У 1963 годзе на падставе загада № 325 ад 15 мая 1963 года Міністэрства сувязі СССР на базе кантор сувязі створаны гарадскія і раённыя вузлы сувязі.

У 1965 годзе было ўведзена званне «Заслужаны сувязіст БССР».

У 1966 годзе гэтае званне было прысвоена 28 сувязістам рэспублікі, сярод іх Азнабаева Н. М.  — паштальён Мінскага паштамта, Афанасьеў П. В.  — Міністр сувязі БССР, Жыгмунт У. М.  — намеснік міністра сувязі БССР, Кваша І. Н. — намеснік міністра сувязі БССР, Фралоў К. В.  — начальнік Мінскага АПП.

У 1968 годзе абласныя ўпраўленні Міністэрства сувязі БССР ператвораны ў абласныя вытворча-тэхнічныя ўпраўленні сувязі.

У 1969 году арганізаваны 2 міжраённыя вузлы сувязі Мінскага паштамта, начальнікам Заводскага вузла сувязі быў прызначаны Мірончык С. А. , Фрунзенскага — Стальмашок Н. С.  У 1973 годзе вузлы расфарміраваны.

У 1969 году адкрыты Віцебскі паштамт, начальнікам якога была прызначана Земляннікава Д. Д. 

У 1969 году адкрыты Магілёўскі паштамт, начальнікам якога быў прызначаны Дынікаў М. А. 

У 1969 годзе ў Беларусі пачынаецца ўкараненне электроннага комплексу «Анега — III» для прыёму і апрацоўкі паштовых адпраўленняў. Першыя паштова-касавыя апараты «Анега» былі ўсталяваны ў аперацыйных залах Мінскага паштамта, дзе яны прайшлі вопытную эксплуатацыю. Пасля чаго касавыя апараты былі ўкаранёны па ўсёй рэспубліцы і знаходзіліся ў эксплуатацыі да 1995 года.

У 1966 — 1970 гг. адкрыта звыш 500 аддзяленняў сувязі, што дазволіла значна наблізіць паслугі сувязі да насельніцтва.

Згодна з загадам Міністра сувязі БССР ад 21 чэрвеня 1971 года № 105 Мінская транспартная кантора МС БССР перайменавана ў аўтабазу Міністэрства сувязі БССР.

З 1968 па 1980 гады былі пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю трохпавярховы будынак гаража — стаянкі на 160 аўтамабіляў, трохпавярховы адміністрацыйны будынак, сталярны цэх, пункт тэхнічнага кантролю і пост дыягностыкі аўтамабіляў. Уводзіліся ў строй аб'екты бытавога абслугоўвання.

У сувязі з павелічэннем працягласці паштовых маршрутаў і аб'ёмаў перавозкі пошты ў 1972 годзе Мінскае аддзяленне перавозкі пошты пераўтвараецца ў Мінскі прычыгуначны паштамт. (Загад № 109 Міністра сувязі БССР). Працягласць паштовых маршрутаў у гэты час унутры Беларусі складала звыш 41 тыс. км.

У снежні 1978 года Мінскі прычыгуначны паштамт пераехаў у новы будынак па вуліцы Вакзальная, 22. У новым будынку было ўстаноўлена новае абсталяванне для апрацоўкі паштовых адпраўленняў.

У 60 — 70 гадах вядзецца вялікае будаўніцтва жылых дамоў у гарадах і вёсках. У раёнах новабудоўляў адкрываюцца новыя аддзяленні сувязі і ўсталёўваюцца новыя паштовыя скрыні. Да пачатку 70-х гадоў у Беларусі налічвалася каля 30 тысяч паштовых скрынь.

У 60 — 70 гадах у прадпрыемствах, арганізацыях і ўстановах Беларусі ўсталёўваюцца маркіравальныя машыны для маркіравання пісьмовай карэспандэнцыі.

У 70 — 80 гадах у гарадскіх аддзяленнях сувязі ўкараняюцца ўстаноўкі тыпу УМПВ — 650 «СПАС» для захоўвання і механізаванай выдачы пасылак.

У сувязі з ростам аддзяленняў, якія адкрываюцца і ў 1980 годзе, у Мінскім паштамце арганізаваны 4 міжраённыя вузлы сувязі: Завадскі, Першамайскі, Кастрычніцкі і Фрунзенскі.

У 1986 годзе міжраённыя вузлы Мінскага паштамта расфарміраваны.

У 1990 годзе Мінскі прычыгуначны паштамт перайменаваны ў Рэспубліканскі цэнтр перавозкі пошты (Загад Міністра сувязі і інфарматыкі БССР № 51 ад 1992/07/30 г.)

У 1990 годзе на сетцы Рэспублікі Беларусь былі цалкам заменены лентачныя апараты на рулонныя.

У 1991 годзе Мінскі паштамт і Рэспубліканскі цэнтр перавозкі пошты рэарганізаваны шляхам зліцця ў дзяржаўнае аб'яднанае прадпрыемства «Мінская пошта». (Загад Міністра сувязі і інфарматыкі БССР ад 30.01.91 г.).

У 1994 годзе ўкаранёна экспрэс-пошта па Рэспубліцы Беларусь (сёння на заўтра).

У 1995 годзе ўкаранёна міжнародная паскораная пошта EMS.

У сувязі з распадам Савецкага Саюза скарачаюцца аб'ёмы паштовых адпраўленняў і паслуг сувязі. Пошта перажывае цяжкія часы. У калектывах скарачаюцца службы, вядзецца праца па зліцці асобных прадпрыемстваў.