Паслугі

Гістарычная даведка

Гартаючы старонкі гісторыі


Загадам Наркама сувязі СССР ад 23 верасня 1944 г. № 523 было створана Гродзенскае абласное ўпраўленне сувязі з перадачай яму ўсіх функцый па развіцці і ўдасканаленню сродкаў сувязі на тэрыторыі вобласці. На момант яго стварэння ў структуру кіравання ўваходзіла 15 раённых кантор сувязі “НКСвязи”: Бераставіцкая, Васілішкаўская, Ваўкавыская, Воранаўская, Гродзенская, Жалудоцкая, Зэльвенская, Лідская, Мастоўская, Поразаўская, Радуньская, Сапоцкінская, Свіслацкая, Скідзельская, Шчучынская.
Паштовая сувязь у пасляваенны перыяд аднаўлялася на базе паштова-тэлеграфных кантор сувязi праз адкрыццё аддзяленняў сувязі. У 1944 годзе працавала 102 аддзялення сувязі. Большасць з іх абмяжоўвалі сваю дзейнасць прыёмам і выдачай простых паштовых адпраўленняў, продажам знакаў паштовай аплаты, а таксама дастаўкай насельніцтву перыядычнага друку.

Размяшчаліся аддзяленні сувязі ў прыстасаваных памяшканнях, усе аперацыі па апрацоўцы пошты выконваліся ўручную. Перавозка пошты ажыццяўлялася, галоўным чынам, гужавым транспартам.

У перыяд з 1944 па 1996 гады ў вобласці колькасць аддзяленняў сувязі вырасла да 519. Многія з іх былі размешчаны ў тыпавых будынках, што дало магчымасць значна палепшыць умовы працы работнікаў і якасць абслугоўвання кліентаў. Была зроблена механізацыя многіх тэхналагічных аперацый, шырока стаў выкарыстоўвацца аўтамабільны транспарт для паскарэння дастаўкі пошты.

З 1983 па 1990 год упершыню ў сістэме Міністэрства сувязі СССР быў зроблены эксперымент па ўкараненню матарызаванай дастаўкі пошты на сяле паштальёнамі- вадзіцелямі. Эксперымент дазволіў істотна палегчыць працу паштальёнаў, выключыць іх пешыя праходы, павысіць узровень арганізацыі працы, выключыць зрывы дастаўкі з-за недахопу паштальёнаў, паскорыць дастаўку друку і пошты адрасатам, забяспечыць захаванасць грашовых сум і каштоўнасцяў.

У перыяд з 1944-га па 1996 год калектыў Гродзенскага абласнога ўпраўлення сувязі неаднаразова выходзіў пераможцам Усесаюзнага і рэспубліканскага спаборніцтва.
1 красавіка 1996 г. загадам Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь ад 1996/03/12 г. № 31 «Аб рэарганізацыі Аптус і стварэнні абласных прадпрыемстваў электрычнай і паштовай сувязі» было створана дзяржаўнае прадпрыемства паштовай сувязі «Гроднааблпошта», якое ўзначаліў Аляксандр Міхайлавіч Худалей, які заставаўся на гэтай пасадзе 7 гадоў.

На ключавых пазіцыях пры стварэнні прадпрыемства вакол маладога дырэктара сабраўся калектыў прафесіяналаў: Хаценевіч Віктар Мікалаевіч, Ступакевіч Іосіф Антонавіч, Урбановіч Тамара Мікалаеўна, Пазнякова Валянціна Пятроўна, Жук Уладзімір Міхайлавіч, Будзько Ганна Францаўна, Кудзелка Марыя Андрэеўна, Лойка Франц Станіслававіч, Курасава Людміла Пятроўна, Сакалоўская Алена Міхайлаўна, Вановіч Ірына Станіславаўна, Еда Любоў Іванаўна, Агароднік Ніна Андрэеўна, Грыцкевіч Галіна Казіміраўна, Палуян Таісія Аляксандраўна, Улановіч Іван Серафімавіч, Краўцэвіч Іосіф Віктаравіч, Ёдка Леанід Пятровіч, Жаўнерык Надзея Лукінічна, Руткоўская Яўгена Іосіфаўна, Страх Раіса Паўлаўна, Собаль Антон Баляслававіч.

Прадпрыемству былі перададзены ўсе функцыі па развіцці і ўдасканаленні сродкаў паштовай сувязі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці. У складе ГППС «Гроднааблпошта» было 17 раённых вузлоў паштовай сувязі і галаўное падраздзяленне, функцыянавала 509 аддзяленняў сувязі.

З 1996 года пачалася актыўная праца па пашырэнні пераліку аказваемых паштовых і няпрофільных паслуг, ўкараненні сістэмы паскоранай дастаўкі паштовых адпраўленняў, арганізацыі прынцыпова новай схемы перавозкі пошты і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, якая ў далейшым дала магчымасць значна паскорыць прасоўванне паштовых адпраўленняў ад адпраўнікоў да адрасатаў і атрымаць значны эканамічны эфект.

У філіяле, у выніку правядзення працы былі ўведзены сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, аўтаматызаваны многія тэхналагічныя аперацыі, праведзены шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на аптымізацыю працы сеткі паштовай сувязі, мадэрнізацыю лагістычных і тэхналагічных схем працы, а таксама па ўдасканаленні арганізацыі працы і сістэмы абслугоўвання.

У аддзяленнях паштовай сувязі г. Гродна і г. Ліда ўкаранёна сістэма электроннага кіравання чаргой, якая дала магчымасць забяспечыць зручны і камфортны рэжым абслугоўвання кліентаў, а таксама аптымізаваць працу абслуговага персаналу.